ЯРАСЛА́ЎСКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ РА́ДА, Яраслаўскае беларускае таварыства,
бел. грамадская арг-цыя ў Яраслаўлі ў 1916—18. Аб’ядноўвала бежанцаў-беларусаў 1-й сусв. вайны. Створана восенню 1916. Яе аснову складалі выкладчыкі і слухачы Мінскага настаўніцкага інстытута: У.М.Ігнатоўскі, М.І.Мароз, Х.Бурван, Х.Імшэнік, А.Кабервейн, М.С.Кахановіч, С.Курчэвіч-Сеўрук, Г.Нікіфарава, Дз.А.Сцяпура, М.Шымель, М.Ярац, святар У.Біруля. Цесную сувязь з радай падтрымліваў М.Багдановіч. Ставіла за мэту згуртаванне беларусаў-бежанцаў вакол нац. ідэі, аказанне матэр. і юрыд. дапамогі пацярпелым ад вайны, правядзенне дабрачынных акцый, культ.-асв. лекцый, тэатр.-муз. вечарын. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 разам з арг-цыяй «Маладая Беларусь» актывізавала сваю дзейнасць па нац. усведамленні беларусаў-бежанцаў. Супрацоўнічала з Яраслаўскім Саветам рабочых і салдацкіх дэпутатаў, падтрымлівала сувязь з Бел. нац. к-там у Мінску, бел. нар. грамадой у Маскве. Дэлегавала сваіх прадстаўнікоў на 1-ы з’езд беларусаў-бежанцаў у Маскве ў кастр. 1917, Усебеларускі з’езд 1917. Спыніла дзейнасць вясной 1918.
У.В.Ляхоўскі.
т. 18, кн. 1, с. 296
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)